Вывучаем новыя правілы беларускага правапісу
<article>Правапiс мяккага знака i апострафа
Прыняты 23 ліпеня 2008 г. закон Рэспублікі Беларусь "Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі" з'яўляецца вынікам шматгадовай працы вялікага калектыву навукоўцаў і зацвярджае новую рэдакцыю існуючых "Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі".
Падрыхтаваная новая рэдакцыя "Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі" - гэта не рэформа існуючага беларускага правапісу. Новая рэдакцыя скіравана на яго карэкціроўку, памяншэнне колькасці выключэнняў, падпарадкаванне большасці напісанняў агульным правілам і заканамернасцям, што найбольш адпавядаюць фанетычнаму (гукавому) ладу беларускай літаратурнай мовы. У гэтых адносінах новая рэдакцыя "Правіл..." - яшчэ адзін крок у бок збліжэння пісьмовай мовы з беларускім вымаўленнем, яна больш дасканалая і практычна больш зручная ў параўнанні са зводам правіл, выдадзеных у 1959 г., якімі мы карыстаемся да гэтага часу.
Неабходнасць увядзення ў дзеянне новай рэдакцыі "Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі" абумоўлена наступным.
• Звод "Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі", выдадзены ў 1959 г., ужо даўно стаў бібліяграфічнай рэдкасцю і амаль недаступны для карыстальнікаў, у першую чаргу настаўнікаў і выкладчыкаў беларускай мовы.
• Паколькі правапіс рэгламентуе аднастайную перадачу на пісьме жывой мовы, то ён не можа працяглы час заставацца без змяненняў. Бесперапыннае развіццё мовы выклікае неабходнасць удасканалення і правапісных норм, прывядзення іх у адпаведнасць з моўнай практыкай. Беларускі правапіс, які ў значнай ступені грунтуецца на фанетычным прынцыпе, асабліва адчувальны да любых змен у мове, таму ён таксама павінен перыядычна ўдакладняцца і ўдасканальвацца. Асабліва востра гэтая праблема для беларускай мовы паўстала ў канцы XX ст., калі ў сістэме беларускай мовы і моўнай практыцы адбыліся істотныя змены. Значна абнавіўся слоўнікавы склад мовы, лексіка папоўнілася шматлікімі запазычаннямі, на старонках беларускамоўнага друку атрымалі пашырэнне варыянтныя напісанні. Усё гэта абумовіла надзённасць упарадкавання беларускага правапісу.
• У падрыхтаваным праекце новай рэдакцыі "Правіл..." істотна ўдакладнены ў адпаведнасці з сучасным узроўнем лінгвістычнай навукі фармулёўкі, абноўлены ілюстрацыйны матэрыял. Правілы па-новаму згрупаваны, што робіць іх больш зручнымі для ўспрымання і засваення. У адпаведнасці з сучаснай моўнай практыкай істотна зменшана колькасць выключэнняў. Многія напісанні падпарадкаваны агульным правілам, што прынцыпова аблягчае навучанне беларускай мове ў школе. У прыватнасці, прапанаваны наступныя змены.
1. Істотна пашыраецца прынцып перадачы акання пры напісанні запазычаных слоў (напрыклад, адажыа, трыа). Пашыраецца напісанне нескладовага ў у большасці слоў іншамоўнага паходжання, напрыклад, універсітэт, але ва ўніверсітэце.
2. Спрошчаны правілы пераносу слоў, што цалкам адпавядае сучасным выдавецкім тэхналогіям.
3. Унесены карэктывы ў правілы напісання складаных і складанаскарочаных слоў у адпаведнасці з агульным прынцыпам акання і сучаснай моўнай практыкай.
4. Упарадкавана напісанне вялікай і малой літар.
5. Уведзены новы раздзел "Правапіс некаторых марфем", у якім, дарэчы, адлюстравана пераважнае ўжыванне ў беларускай мове дзеясловаў іншамоўнага паходжання з суфіксам -ава-(-ява-), а не -ірава-(-ырава-).
Прапанаваны таксама іншыя ўдакладненні, якія ў цэлым робяць беларускі правапіс больш паслядоўным і несупярэчлівым. Акрамя таго, ён у большай ступені будзе адпавядаць фанетычнай сістэме беларускай мовы і асаблівасцям беларускага вымаўлення.
Новая рэдакцыя "Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі" з'яўляецца аптымальнай у сучаснай моўнай сітуацыі ў краіне і будзе садзейнічаць стабілізацыі правапісных норм беларускай літаратурнай мовы, забяспечыць пераемнасць традыцый пісьмовай беларускай мовы і адзінства арфаграфічнага рэжыму ў школьным навучанні, адзінства друкаваных беларускамоўных выданняў, што будзе спрыяць павышэнню прэстыжу беларускай мовы ў грамадстве як дзяржаўнай мовы нашай краіны і мовы тытульнай нацыі.